У 2019 годзе “Мастацкая літаратура” вярнула з небыцця літаратурна-мастацкі альманах “Далягляды”. На 2020 год запланаваны новы выпуск.
Праца над складаннем альманаха завяршаецца. Расказвае галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп:
– Пад адной вокладкай сабраны творы болей як 40 паэтаў і празаікаў з розных краін свету. Усяго прадстаўлена 15 краін, 22 нацыянальныя літаратуры. У “Даляглядах-2020” – вершы, проза 45 аўтараў. Над іх пераўвасабленнем рупіліся 16 перакладчыкаў. Праўда, яшчэ, магчыма, сёе-тое дадамо. Наклад “Даляглядаў” не дужа вялікі. І, пэўна, далёка не ўсе ведаюць, што забытую некалі традыцыю мы ўзнавілі. Прыгадаем, што некалі Беларусь мела адначасова ажно тры перакладныя альманахі – “Братэрства”, “Далягляды”, “Ветразь”. Мо з часам усе яны вернуцца да жыцця?! Чаму б і не?!
У выпуску альманаха “Далягляды” за 2020 год чытач зможа зрабіць віртуальнае мастацкае падарожжа ў Германію, Дамініканскую Рэспубліку, Італію, Кубу, Кыргызстан, Кітай, Польшчу, Пуэрта-Рыка, Расію, Сербію, Узбекістан, Украіну, Таджыкістан, Туркменістан, Францыю. Літаратурная геаграфія ўражлівая – Еўропа, Лацінская Амерыка, Азія!..
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.