220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG

Унікальны фундаментальны праект «Беларускі кнігазбор», у якім прадстаўлены найлепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гістарыяграфіі, адзначыў своеасаблівы юбілей: днямі пабачыў свет соты том выдання.

Серыя была распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Першы том выйшаў яшчэ ў 1996 годзе — гэта былі выбраныя творы Яна Чачота. Аўтарам ідэі і галоўным рэдактарам стаў пісьменнік, фалькларыст, перакладчык, літаратуразнаўца Кастусь Цвірка.

Упершыню шырокаму колу айчынных чытачоў сталі даступныя грунтоўныя выданні, скампанаваныя пад адной вокладкай: «Беларускія летапісы і хронікі», «Беларуская старажытная літаратура», «Беларусы» Яўхіма Карскага, «Выбраныя творы» Уршулі Радзівіл ды многія іншыя. У культурную прастору вернута творчая спадчына Усевалада Ігнатоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка і іншых рэпрэсіраваных пісьменнікаў.

Праект складаецца з трох серый: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай літаратуры. Самай маштабнай сярод іх з’яўляецца мастацкая літаратура: у ёй пабачыла свет 77 тамоў. Юбілейны том выдання (сімвалічна, што ім сталі выбраныя творы пісьменніка, які сярод айчынных лічыцца першым, — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча) выйшаў у свет дзякуючы ў тым ліку і акадэмічнаму выдавецтву «Беларуская навука», якое далучылася да ажыццяўлення праекта ў 2008 годзе.

Падчас урачыстай прэзентацыі госці і ўдзельнікі праекта дзяліліся ўражаннямі ад працы па падрыхтоўцы выданняў да друку. Прафесар Аляксандр Каваленя зазначыў, што Кастусь Цвірка здолеў аб’яднаць ідэяй стварэння «Беларускага кнігазбору» пісьменнікаў і выдаўцоў, дзяржаўных і прыватных, зрабіўшы стаўку на перспектыву. У выніку кнігі, якія выйшлі па яго задуме, аказаліся запатрабаванымі, адзначаны падзякамі многіх грамадскіх дзеячаў. — Адметна, што падрыхтоўка кожнага тома мае не толькі ўкладальніцкі характар, але і з’яўляецца выдавецка-даследчыцкім праектам, таму кнігі гэтыя — яшчэ і прыклад навуковай тэксталагічнай дзейнасці, — канстатаваў даследчык.

Дзяліўся ўспамінамі і ўкладальнік 100-га тома Язэп Янушкевіч. Ён згадваў, наколькі апантанымі ідэяй выдання гэтых кніг былі людзі, якія стаялі ля вытокаў стварэння серый, як непахісна яны верылі ў гэтую справу!

Першапачатковая лічба ў планах выдання «Беларускага кнігазбора» задумвалася роўнай 200. Але ў працэсе падрыхтоўкі стала відавочна, што па-за планам могуць застацца многія літаратары, якія на той момант яшчэ не мелі вялікай папулярнасці — яна прыйшла потым. Прагучалі імёны некаторых сучасных літаратараў, творы якіх абавязкова павінны пабачыць свет пад вокладкай кнігазбораўскіх серый.

Выданне кнігазбору актывізавала цеснае супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. Як адзначыла дырэктар установы Ганна Запартыка, мелі месца прэцэдэнты (напрыклад, з выданнем тома Алеся Наўроцкага), калі матэрыялы пісьменніка яшчэ не былі сабраны ў адзіны фонд, а рэдактар прыспешваў: трэба выдаваць чарговы том!

— Магчыма, мы б яшчэ доўга збіраліся рабіць захады па стварэнні гэтага фонду, але дзякуючы настойлівасці кіраўніка праекта Кастуся Аляксеевіча праца завяршылася значна раней.

На ўрачыстасці ўзнагародзілі пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Нагрудным знакам імя У. М. Ігнатоўскага былі адзначаны кіраўнік праекта «Беларускі кнігазбор» і ўкладальнік кніг Кастусь Цвірка, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Беларуская навука» Станіслаў Нічыпаровіч. Грамату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі атрымаў вядучы рэдактар Выдавецкага дома «Беларуская навука» Георгій Кісялёў. Падзяку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — укладальніца кніг праекта Лідзія Савік. Граматамі аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзнагароджаны навуковы супрацоўнік і ўкладальнікі выданняў кнігазбору Міхась Тычына, Аляксандр Бразгуноў, Тэрэза Голуб, Генадзь Вінярскі. Адзначылі і многіх іншых удзельнікаў праекта.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.