220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Прэс-канферэнцыя, прысвечаная творчасці маладых пісьменнікаў.

Як не прапусціць літаратурны талент? Як даць яму шанец развіцца і разгарнуцца на поўную моц? Якія ідэі для гэтага выкарыстоўваюцца і якія знаходкі здараюцца? Такім пытанням была прысвечана прэс-канферэнцыя “Развіццё сучаснай маладой літаратуры: падтрымка юных талентаў у Рэспубліцы Беларусь”, якая прайшла ў Доме прэсы 31 студзеня.

Пытанні, што датычаць будучыні айчыннай літаратуры, традыцыйна ўздымаюцца не толькі падчас вялікіх штогадовых форумаў кшталту Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу або, скажам, Свята пісьменства, але апошнія для іх – нагоды з разраду найлепшых. Пры гэтым шматлікія чыста практычныя, канструктыўныя сустрэчы і абмеркаванні адбываюцца не толькі ў дні саміх форумаў, але і напярэдадні іх, пашыраючы тым самым часавую прастору знакавых для культуры краіны падзей. Вось і сёлетняй, 27-й па ліку Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу папярэднічае шэраг мерапрыемстваў на разнастайных інтэлектуальных пляцоўках сталіцы – ад бібліятэк і музеяў да прэс-цэнтраў і каферэнц-залаў.

Прэс-канферэнцыю, прысвечаную пытанням развіцця маладой літаратуры, адкрыў начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў Караткевіч. Гаворачы пра ролю алімпіяд па беларускай і рускай мовах і літаратурах, а таксама пра значэнне конкурсаў даследчых работ, прысвечаных найперш сучаснай літаратуры, Вячаслаў Іванавіч адзначыў, што і першыя і другія дазваляюць даволі паспяхова праявіцца юным талентам і атрымаць матывацыю на далейшую творчасць, нацэленасць на адпаведную адукацыю яшчэ на этапе вучобы ў школе. “Вельмі часта аб’ектамі даследаванняў школьнікаў у межах нашых конкурсаў выбіраюцца творы не проста сучасных, а менавіта маладых аўтараў”, – падкрэсліў ён.

Старшыня Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь” Алег Зайцаў распавёў пра свой вопыт работы ў складзе журы літаратурных конкурсаў і выказаўся наконт праблемы ацэнкі маладымі творцамі перспектыў літаратурнай дзейнасці і ўскладзеных на яе чаканняў. Намеснік начальніка ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытуа адукацыі Ірына Борычава таксама закранула тэму конкурсаў і іх уплыву на інтарэс юнага пакалення да літаратуры. У прыватнасці, такія конкурсныя ініцыятывы як “Чытацкая культура і культура чытання”, “Чтение: PROдвижение” і іншыя, зладжаныя для школьнікаў пад эгідай НІА, сабралі не толькі нечаканую колькасць удзельнікаў, але і неверагодную разнастайнасць ідэй.

Пра спецыяльны праект “КнігаСвет” як рэсурс Нацыянальнага адукацыйнага партала, створаны сумесна з Выдавецкім домам “Звязда”, пра яго па-сапраўднаму карысны для школьнікаў і студэнтаў кантэнт, даволі багаты і рознатэматычны, забяпечаны, сярод іншага, сіламі літаратурна-мастацкай перыёдыкі, распавяла метадыст вышэйшай катэгорыі ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Дар’я Жвалеўская.

 

Старшыня мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў таксама распавядаў пра конкурсы, але ўжо пра іншыя – уласна літаратурныя, якія дазваляюць маладым творчым асобам не ацэньваць творы іншых, а праяўляць сябе ва ўласным мастацкім слове. Міхась Паўлавіч прадставіў кнігі, выдадзеныя Мінскім гарадскім аддзяленнем у вядомай серыі “Мінскія маладыя галасы”, расказаў пра існуючыя пры аддзяленні літаратурныя школы – юнага паэта і юнага празаіка, а таксама станоўча адзначыў тыя выпадкі, калі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі падавалі заявы, падмацаваныя рэкамендацыямі, асобы, якім толькі-толькі споўнілася васямнаццаць.

Святлана Воцінава, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Маладосць”, прызначанага менавіта для маладых, засяродзіла ўвагу на новай кацэпцыі выдання – “Больш чым часопіс”. Канцэпцыя прадугледжвае актыўнае супрацоўніцтва са студэнцкімі аўдыторыямі для распаўсюджвання сярод іх інфармацыі пра магчымасці, створаныя “для тых, каму ёсць што сказаць свету”. Цікавыя тэматычныя лекцыі і анкетаванні ў папяровым і электронным фарматах дазваляюць бліжэй знаёміцца з выданнем і смялей праяўляць сябе ў яго конкурсах і спецыяльных тэматычных праектах. Згаданыя былі многія ініцыятывы, якія часопіс ладзіць і з партнёрамі, і ўласнымі сіламі. У прыватнасці, круглы стол, прысвечаны пытанням гісторыі на старонках сучаснасці, які сабраў заяўкі не толькі ад сур’ёзных даследчыкаў, але і ад студэнтаў і школьнікаў.

Вольга Нікольская, дзіцячая пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, гаварыла пра тое, як матывуюць аўтара на творчасць самі чытачы, а яшчэ –прызнанне ў выглядзе літаратурых узнагарод. Кацярына Роўда, паэтэса, кіраўнік клуба аматараў мастацкага слова КЛУмБа пры БДУ, адзначыла, як важна аб’ядноўвацца і натхняцца супольнымі інтарэсамі. Гэта яна назала цеплаабменам. Для сучаснай маладой літаратуры, яе поспехаў і перспектыў важна, як бачым, усё: яна – як маладая раслінка, якой патрэбны цеплыня, святло, клопат і захапленне.

Святлана Воцінава, “Маладосць”