220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Новая кніга выдавецтва "Мастацкая літаратура".

«Мастацкая літаратура» на пачатку 2020 года падарыла чытачам чарговы, пяты па ліку, том са збору твораў Янкі Брыля.

Пад сімпатычнай вокладкай, якую ўпрыгожвае фрагмент карціны Аляксандра Грышкевіча «Апошні снег», – раман народнага пісьменніка «Птушкі і гнёзды». Варта нагадаць, што часам стварэння гэтага галоўнага ў творчасці Янкі Брыля твора з’яўляюцца 1942 – 1944, 1962 – 1964 гады. А ўвогуле раман лічыцца адным з найлепшых антываенных твораў у беларускай літаратуры XX стагоддзя. Чытаем у выдавецкай анатацыі да пятага тома: «Падзеі Другой сусветнай вайны перадаюцца ў рамане праз светаўспрыманне ўраджэнца Заходняй Беларусі, былога польскага салдата, які трапіў у нямецкі палон. У творы пісьменнік уздымае шэраг вострых і на сённяшні дзень тэм: чалавек і Радзіма, беларус у свеце, чалавек і вайна».

Раман «Птушкі і гнёзды», які шмат разоў выдаваўся па-беларуску, уваходзіць ва ўсе зборы твораў і выбраныя творы Я.Брыля (а яны выходзілі ў 1960-я, на пачатку 1980-х і на пачатку 1990-х гг.), перакладзены на розныя мовы народаў свету. Толькі па-руску раман выдаваўся шэсць разоў – у 1965, 1968, 1970, 1972, 1975, 1984 гадоў. А яшчэ – два разы на чэшскай мове (у 1976 і 1977 гадах), па аднаму разу на украінскай, латышскай і нямецкай мовах. Такая ўвага перакладчыкаў, чытача ўражвае. Алесь Адамовіч пісаў пра раман «Птушкі і гнёзды»: «Не ў шырыні ахопу трэба шукаць галоўную вартасць рамана Я.Брыля. Непасрэднасць успрымання, жывая праўда абставін і чалавечай псіхалогіі – вось што перш за ўсё прываблівае ў гэтым рамане».

Тыраж пятага тома – 600 экзэмпляраў. Безумоўна, збор твораў будзе толькі ў лічаных бібліятэках краіны. Здаецца, чытач яшчэ не забыўся на Янку Брыля. І, відаць, варта праяўляць большую ўвагу да класікі беларускай літаратуры.

Крыніца:sozvuchie.by