220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Навінка Выдавецкага дома "Звязда".

Новая кніга на беларускім кніжным рынку краязнаўчай, гісторыка-асветніцкай літаратуры — даследванне Ю. БАРЫСЁНКА, А. РЭЙЗВІХА «Рамуальд Траўгут — рыцар зямлі Палескай». Яна толькі што пабачыла свет.

Ужо ў прадмове да кнігі ёсць пэўная інтрыга, якая прымушае ўважліва чытаць ўвесь расповед пра ўнікальную асобу, якая сталася выключна важкім энцыклапедычным персанажам, але яшчэ не зрабілася шырокім, адкрытым і — самае галоўнае! — выключна значным нацыянальным героем. Чытаем пачатак «Прадмовы»: «Матэрыял для гэтай кнігі збіраўся з 2013 года, разам са стварэннем этнагістарычнага музея на хутары Божы Дар, непадалёку ад вёскі Ляскова Кобрынскага раёна.

А пачалося ўсё незвычайна: калі ўпершыню пачуў абвестку пра продаж сада ў месцы з гэтай цудоўнай, боскай назвай, дык спярша не паверыў, што ў сучаснай афіцыйнай тапаніміцы захаваліся такія паселішчы — савецкая ідэалогія не пакідала ім ніякіх шансаў на існаванне.

Была безліч усялякіх безасабовых, пачварных «запаветаў», «саветаў», «шляхоў» і «з’ездаў».

Але выпіска з дзяржаўнага рэестра пацвердзіла: выключэнні магчымыя, а яго вялікасць інтэрнэт паведаміў, што былы маёнтак Божы Дар (Божыдар) некалі належаў Вікенцію Вальтару, затым перайшоў ва ўласнасць памешчыкаў Дзіанісія і Тэрэзы Мітрашэўскіх, далей па спадчыне — Яну Мітрашэўскаму.

Юны Мітрашэўскі вучыўся ў Свіслацкай гімназіі з нашым галоўным героем Рамуальдам Траўгутам, будучым дыктатарам паўстання 1863 — 1864 гадоў. Рамуальд, у сваю чаргу, прыняў прысягу на вернасць паўстанцам, менавіта ў азначаным месцы, якое стала гістарычным.

Кола замкнулася. Стварэнне кнігі і музея стала толькі справай часу...»

Рамуальд Траўгут нарадзіўся ў вёсцы Шастакова Брэсцкага павета ў студзені 1826 года. Нагадаем: у студзені 2021 года — 195 год з дня нараджэння нацыянальнага героя. Герой кнігі, як ужо падкрэслена, вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 года служыў у расійскай арміі. Удзельнік Крымскай вайны (1853 — 1856). У 1862 годзе ў чыне падпалкоўніка выйшаў у адстаўку. Жыў у маёнтку Востраў на Кобрыншчыне. Займаўся гаспадаркай. У красавіку 1863 года сфарміраваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. У баях каля вёскі Горкі некалькі разоў нанёс паражэнне расійскім часцям. У чэрвені 1863 года сумесна з Брэсцкім атрадам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыне і Паўночнай Валыні. Атрад панёс значныя страты. А яго камандзір з дапамогай пісьменніцы Элаізы Ажэшка таемна выехаў у Варшаву.

У Польшчы Траўгут атрымаў чын генерала, прадстаўляў паўстанцкія ўлады за мяжою. У кастрычніку 1863 года Р. Траўгут — кіраўнік Нацыянальнага ўрада ў Варшаве і фактычна дыктатар паўстання. Менавіта Траўгуту належыць велізарны ўклад ў тое, каб паўстанне набыло новы размах, каб адбылася рэарганізацыя ўзброеных сіл інсургентаў. Генерал быў арыштаваны 30 сакавіка 1863 года. Згодна прыгавору ваеннага суда наш славуты суайчыннік павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У 1928 годзе ў мястэчку Свіслач устаноўлены помнік Рамуальду Траўгуту. Адноўлены ў 1989 годзе.

Старонкі біяграфіі, безліч архіўных дакументаў — усё гэта ў кнізе, якую раім прачытаць усім, хто ставіцца нераўнадушна да гісторыі нашай Айчыны. «Жыццё і лёс Рамуальда Траўгута ў гісторыі Беларусі падобны Палессю на геаграфічнай карце краіны. На жаль, гэты непаўторны край, багаты сваімі прыроднымі ландшафтам, гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, ва ўяўленнях многіх застаецца terra incognita — непазнанай зямлёй.

Між тым, Беларускае Палессе падаравала свету мноства яркіх асоб, такіх як Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Напалеон Орда... У гэтым сузор’і сваё месца займае Рамуальд Людвікавіч якога вобразна можна назваць рыцарам зямлі Палескай».

... Сёння ў былым маёнтку Божы Дар адноўлены гаспадарскі дом, у якім размясцілася першая (!) ў Беларусі музейная экспазіцыя, прысвечаная Траўгуту. На тэрыторыі сядзібы адрадзіліся сістэма водасховішчаў, кузня, вінакурня, калодзежы, рэканструяваны вятрак 1852 года пабудовы. Усталяваны стэнд і мемарыяльны камень, які на трох мовах паведамляе, што на гэтым месцы прымаў прысягу Рамуальд Траўгут... Так што знаёмства з кнігай Ю. Барысюка і А. Рэйзвіха — гэта яшчэ і падказка да падарожжа ў цікавы гістарычны адрас Беларусі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома "Звязда".