220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
100-гадовы юбілей выдавецтва «Беларусь».

Сто гадоў — юбілей салідны... Колькі за гэты час у выдавецтве «Беларусь» з'явілася адметных кніг, колькі незвычайных падзей адбылося! Пра доўгі і пачэсны шлях, набыткі і перспектывы выдавецтва распавялі на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы. Тым больш што хутка чытачы змогуць наведаць экспазіцыю «Беларусі» на Міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая пройдзе з 18 да 21 лютага, і ўжо цяпер выдаўцы клапоцяцца пра тое, чым нас здзівіць.

   

— 100-гадовы юбілей — гэта вельмі шмат, каб застацца звычайным карпаратыўным святам, — кажа дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын, — Гэта больш маштабная з'ява. Па-сутнасці, векавая дзейнасць выдавецтва — частка гісторыі беларускай культуры і нават гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Калі пачалося беларускае друкарства, акцэнт рабіўся на паліграфіі: друкаваліся пераважна рэлігійныя, кананічныя тэксты. І тая дзейнасць, якую сёння мы называем выдавецкай, то-бок рэдактура, падрыхтоўка рукапісу, была не вельмі запатрабаваная. Асноўнай задачай было стварыць фізічны аб'ект — кнігу, якую можна трымаць у руках. Пасля таго як у нас з'явілася першае выдавецтва «Беларусь», мы паступова перайшлі ад тэрміна «кнігадрукаванне» да «кнігавыдавецтва». Правялі мяжу паміж паліграфіяй і выдавецкай справай.

Калі стваралася першае выдавецтва, яно было шматфункцыянальнае — у ім выдавалася і вучэбная, і навукова-тэхнічная, і агітацыйна-прапагандысцкая літаратура. Толькі ў 1951 годзе на базе выдавецтва «Беларусь» вылучылася «Народная асвета», а ў 1972-м ад нас аддзялілася «Мастацкая літаратура», якая таксама была структурным падраздзяленнем. Ствараўся цэнтр, які развіваў і пашыраў выдавецкую справу ў Беларусі. У тым ліку ставіліся задачы, якія застаюцца актуальныя і сёння: выяўленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. З самага пачатку была ўстаноўка на дамінаванне кніг на беларускай мове: іх выдавалася больш за 70 %. І сёння мы імкнёмся папаўняць на кніжным рынку тыя тэматычныя нішы, па якіх можна ідэнтыфікаваць нашу краіну.

Дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша дадае:

— Пастанова ад 18 студзеня 1921 года аб стварэнні выдавецтва «Беларусь» — адно з самых важных і знакавых рашэнняў. Але ў яго ёсць і перадгісторыя, бо ўжо ў снежні 1920-га выдавецтва пачало сваю работу. Пра гэта ёсць як успаміны, так і канкрэтныя згадкі. Але трэба адзначыць, што Беларускае дзяржаўнае выдавецтва на самым першым этапе свайго існавання — гэта філіял расійскага Дзяржвыдата. Па-сутнасці, выдавецтва выпускала расійскую прадукцыю. Напрыклад, адным з самых масавых буквароў першага этапу яго дзейнасці быў буквар Элькінай — кніга, па якой вучылася ўся савецкая Расія. Спачатку яна ўбачыла свет у Маскве, потым у Гомелі, бо Гомель тады яшчэ ўваходзіў у склад РСФСР, а затым ужо была перадрукавана ў Мінску Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Выдавецтва пачынала сваю гісторыю ад ролі філіяла. Але вельмі хутка, ужо ў 1921 годзе, усвядоміла сябе як нешта большае. І сапраўды перайшло ад статусу друкарні да выдавецтва. Гэты пераход быў выключна важны для беларускай культуры: ён засведчыў фарміраванне дзяржавы і нацыі.

Гісторыя кнігадрукавання ў Мінску пачынаецца з 1790 года. Гэта мінская базыльянская друкарня, якая з 1795 года стала Мінскай губернскай друкарняй. І фактычна на яе аснове ўзнікла тое выдавецтва, пра якое мы гаворым. У 1917 годзе, адразу пасля рэвалюцыі, 19 снежня было прынята рашэнне аб нацыяналізацыі прыватных друкарняў. Але да 1921 года паўнавартаснае выдавецтва стварыць так і не атрымалася. У гэты час, нягледзячы на існаванне фармальнага статусу, беларусы пачалі казаць: «Мы не можам быць проста філіялам. Нам трэба мець сапраўднае выдавецтва». Гэта было звязана з тым, што ў БССР пачалі развіваць беларускую асвету. Грамадства саспела да разумення неабходнасці падтрымкі ўласнай мастацкай літаратуры. Гэта ўсё прастымулявала наркам асветы, у структуры якога было выдавецтва. Пачалася падрыхтоўка: кнігі пісаліся адна за адной, з'явіліся першыя падручнікі. Нягледзячы на нацыяналізацыю, у Мінску паліграфісты вельмі моцна супраціўляліся з'яўленню беларускага выдавецтва, матывуючы гэта адсутнасцю шрыфтоў і паперы. Яны лічылі, што попыт на беларускамоўную літаратуру будзе невялікім, таму жадалі застацца філіялам Расійскага дзяржаўнага выдавецтва. Пазмагаўшыся некалькі месяцаў з паліграфічным упраўленнем, наркам асветы пастанавіў... выдаць падручнікі за мяжой, у Берліне. Сёння гэта дзіўна, але першыя савецкія буквары друкаваліся ў Берліне! Апошняе паказала ўвесь нонсэнс сітуацыі: калі можна друкаваць у Германіі, то што замінае друкаваць у Беларусі?

Выдавецтва значна пашыралася і ў 1922 годзе аформілася канчаткова. Яно мела шмат памяшканняў па горадзе: крамы, друкарні.

Сёння прадукцыя выдавецтва пазнавальная і адметная, асвойваюцца самыя розныя тэмы і жанры — ад дыхтоўнага мастацкага альбома да актуальнай «нон-фікшн».

Вядучы спецыяліст выдавецтва Анжэла Садоўская ўдакладняе:

— Мы не маглі не адрэагаваць і на тое, што мінулыя гады былі прысвечаны тэме малой радзімы. Наша выдавецтва выпусціла больш за 20 кніг, прысвечаных гэтай нагодзе. Таксама хацелася б адзначыць, што ў кнігарні «Светач» арганізавана выстаўка, якая будзе працаваць да канца лютага. Там прадстаўлены кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і нашы сучасныя выданні. Запрашаем усіх ахвотных наведаць гэтую выстаўку.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"