220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Кніжны форум расчыніў свае дзверы.

Рознакаляровыя стэнды, усмешкі наведвальнікаў і размовы аб літаратуры: Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрываецца ў дваццаць восьмы раз. За час сваёй дзейнасці яна зрабілася аўтарытэтнай пляцоўкай, на якой сустракаюцца кнігавыдаўцы, пісьменнікі і чытачы. У гэтым годзе выстаўка пройдзе пад слоганам «Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны». Асноўная экспанентная ідэя — Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Штогод арганізатары здзіўляюць крэатывам. Сёлета вы не проста прыходзіце ў будынак выставачнага цэнтра «Белэкспа», а запрошаны, як жаданыя госці, у вялікі дом, дзе жыве Кніга: цэнтральны стэнд выстаўкі-кірмашу падзелены на ўмоўныя пакоі. «Зала» — гэта галоўная пляцоўка. Тут выставілі найлепшыя кнігі ўсіх краін СНД, якія сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Гэта яшчэ адна з «фішак» выстаўкі — конкурс праводзіцца ўжо сямнаццаты год, і за гэты час беларускія кнігавыдаўцы атрымалі 164 дыпломы рознага ўзроўню. А вось у «Кабінеце пісьменніка» размешчаны мастацкія, грамадска-палітычныя і культурныя выданні краін СНД. Немагчыма ўявіць кватэру без дзіцячага пакоя, таму і на выстаўцы ёсць аднайменнае аддзяленне. Ёсць і «Кухня» — месца, дзе кнігі «гатуюцца» і «выпякаюцца» пісьменнікамі. Як напярэдадні на прэс-канферэнцыі расказаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч, там арганізатары паспрабавалі размясціць усе беларускія кнігі, якія былі выдадзены летась, а ўсяго выстаўлена да агляду каля пяці тысяч кніг.

Каб наведвальнікі змаглі паўнавартасна ахапіць такую вялікую выстаўку, прадугледжаны як анлайн-, так і афлайн-фармат. На YouTube канале Дома прэсы людзі з любой краіны змогуць убачыць рэпартажы з месца падзей. Не забыліся і аб традыцыйным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнікі часу», асноўная частка якога таксама пройдзе ў анлайн-рэжыме. Адзначым, што сімпозіум будзе інтэрактыўны: гледачы змогуць задаць пытанні беларускім і замежным пісьменнікам. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак расказаў аб яшчэ адной акцыі, якая датычыцца тых, хто спрабуе сябе ў літаратуры. У межах выстаўкі-кірмашу пройдзе літаратурны стартап «LіtUP». Кожны мог даслаць твор, і калі пашанцуе, знойдзе будучага выдаўца сваёй кнігі. Цікава, што ў дадзеным конкурсе адсутнічала класічнае журы. Найбольш удалыя творы адбіраліся выдавецтвамі. Гэта было зроблена з мэтай, каб, па-першае, пазбегнуць суб'ектыўнасці, па-другое, спрасціць працэс пошуку твораў выдавецтвамі. 20 лютага адбудзецца фінал-прэзентацыя пятнаццаці найлепшых літаратурных праектаў.

Можаце паўдзельнічаць у яшчэ адной вельмі цікавай акцыі, пра якую расказала першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Праект ладзіцца ўжо ў трэці раз і мае назву «Паэтычны аўтобус»:

- Ён адправіцца па маршруце менавіта з моманту адкрыцця выстаўкі і будзе дзейнічаць на працягу ўсёй яе работы. Адпраўленне ад станцыі метро Няміга да самага выставачнага комплексу. Паэтычны аўтобус мае вельмі насычанае афармленне: у ім будуць размешчаны партрэты нашых пісьменнікаў і іх знакамітыя выказванні, яго ўпрыгожаць шарыкамі. Дапамог у гэтым Рэспубліканскі саюз моладзі.

Як напярэдадні адзначыў генеральны дырэктар «Макбел» Дзмітрый Макараў, падчас выстаўкі захаваны меры засцярогі: кожнаму наведвальніку пры ўваходзе вымяраюць тэмпературу, а стэнды размешчаны з улікам неабходнай сацыяльнай дыстанцыі.

Iнфарацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".