220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
«Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей.

21 красавіка 1921 года ўбачыў свет першы нумар газеты «Чырвоная змена» («Красная смена»). З той падзеі мінула сто гадоў.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў работнікаў рэдакцыі газеты «ЧЫРВОНКА Чырвоная змена», а таксама ветэранаў журналістыкі са знамянальнай падзеяй – 100-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты.

У віншаванні адзначаецца, што «100 год – немалы адрэзак часу. Дзякуючы прафесійнай творчай працы зладжанага рэдакцыйнага калектыву выданне трывала замацавалася на інфармацыйным полі краіны. Газета мае не толькі багатую гісторыю, але і традыцыі, свой стыль. Стваральнікам «Чырвонкі» заўсёды былі ўласцівыя высокі прафесіяналізм, зацікаўленае стаўленне да справы, пачуццё адказнасці і самаадданасць».

На старонках выдання друкавалі свае літаратурныя творы многія вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, сярод якіх – Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў, Уладзімір Караткевіч.

Міністр адзначыў, што адзінае беларускамоўнае выданне для моладзі на працягу стагоддзя заставалася і застаецца верным свайму стылю. Асаблівае значэнне мае сацыяльная накіраванасць вашых матэрыялаў. Праблемы патрыятычнага выхавання, адукацыі, аховы здароўя, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да Беларусі.

За доўгі час існавання газета знайшла і ўтрымала сваіх чытачоў, стала для іх памочнікам у вырашэнні штодзённых праблем, сапраўдным сябрам, кампетэнтнай крыніцай інфармацыі.

Уладзімір Пярцоў пажадаў калектыву, каб любімая праца прыносіла толькі задавальненне, а для новых здзяйсненняў і праектаў заўсёды хапала сіл і энергіі, а таксама моцнага здароўя, дабрабыту, адданасці чытачоў, натхнення.

 

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю? Хто яны, маладыя героі нашага часу? Ці могуць майстры пяра канкурыраваць з інтэрнэт-прасторай? Што можа даць будучаму журналісту практыка менавіта ў маладзёжным выданні? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў напярэдадні свята ў цёплай сяброўскай атмасферы ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы.

Новая медыярэальнасць

— Я лічу, што спалучэнне мудрасці «Звязды» і маладосці «Чырвонкі» дазваляе і маладым быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў нашай краіне, і людзям больш сталага веку даведвацца, што цікавіць сучасную моладзь, — падзялілася сваім меркаваннем Валянціна РАЖАНЕЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. — Тым больш што моладзь з цягам часу становіцца дарослай і пераходзіць з унутраных старонак газеты на першыя, дзе прадстаўлена ўжо больш сур'ёзная інфармацыя. Наяўнасць у Беларусі якаснага і разам з тым здольнага зацікавіць маладых чытачоў выдання — жыццёва неабходная. Трэба разам з моладдзю фарміраваць парадак дня, ісці за ёй у інтэрнэт-прастору, пашыраючы сваю аўдыторыю і сферу ўплыву, і нацэльваць маладых на стваральную працу. Так, сёння ўсім друкаваным СМІ даводзіцца канкурыраваць з сацыяльнымі сеткамі, але апошнія не разлічаны на глыбіню, гэта проста больш зручная і кампактная форма перадачы інфармацыі. А ў газеце — важкае друкаванае слова, якому ўсе давяраюць.

Сёння многія сутыкнуліся з тым, што трэба весці дыялог у інтэрнэт-прасторы, а там патрабуюцца нейкія іншыя падыходы, бо дзейнічаюць свае каноны і правілы. У маладых свая медыярэальнасць, а «Чырвонка», я упэўнена, павінна прыўнесці ў інтэрнэт-прастору дабрыню і маральныя каштоўнасці. Спалучыць высокія рэйтынгі і духоўнасць вельмі складана, але магчыма. Важна і тое, што мова, на якой «Чырвонка» размаўляе са сваімі чытачамі, — матчына мова. У газеце набіраюцца вопыту маладыя журналісты, выкрышталізоўваюцца будучыя майстры пяра...

Творчая пляцоўка

— Дачыненне да «Чырвонай змены» мела цэлае пакаленне выбітных журналістаў, — падкрэслівае дэкан факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга САМУСЕВІЧ. — Гэта выданне ўжо ўвайшло ў гісторыю беларускай журналістыкі. Я сваю кандыдацкую дысертацыю таксама прысвяціла «Чырвонай змене», даследавала, як газета ўплывае на розумы маладых. Самае галоўнае, што з яе старонак гучыць беларускае слова, якое кранае сэрца і душу. На жаль, маладое пакаленне ўсё менш ведае родную мову. Гэта востра адчуваецца падчас прыёмнай кампаніі на журфаку, калі абітурыенты могуць выбіраць, на якой мове будуць пісаць творчае сачыненне. І з кожным годам колькасць тых, хто выбірае беларускую, каб паказаць свае творчыя здольнасці, змяншаецца. А я ўпэўнена, што толькі родная мова дазваляе казаць не штампамі. У пацвярджэнне хачу дадаць, што творчыя сачыненні, напісаныя абітурыентамі па-беларуску, як правіла, атрымліваюць больш высокія балы, таму што, калі чалавек ведае мову і піша ад сэрца і душы, гэта не пакідае раўнадушнымі і экзаменатараў.

Сапраўдным піяршчыкам «Чырвонай змены» на журфаку заўсёды быў Уладзімір Касько, адзін з яе былых рэдактараў. Мы і сёння пастаянна звяртаемся да «Чырвонкі» і на занятках па гісторыі журналістыкі, і падчас вывучэння прафесійных дысцыплін, таму што ў яе журналістаў ёсць чаму павучыцца. Упэўнена, што без Выдавецкага дома «Звязда», дзе ўсе выданні арыентаваны на беларускую мову, мы не падрыхтуем добрыя кадры.

Але, на маю думку, трэба часцей даваць слова самой моладзі. Калі да вас прыходзяць на практыку журналісты-пачаткоўцы, рабіце ім, калі ласка, зніжку: няхай іх слова гучыць пакуль не так па-майстэрску, як у вопытных журналістаў, але з маладымі павінны размаўляць такія ж маладыя, якія знаходзяцца з імі на адной хвалі. Чытача не падманеш — ён адчуе, што з ім размаўляе свой чалавек. Няхай у маладога журналіста артыкул атрымаўся не такі дасканалы, але надрукуйце яго, каб той адчуў сябе патрэбным.

— У моладзі ёсць тры лозунгі: «Стыльна!», «Модна!», «Маладзёжна!» Вось гэтых прынцыпаў павінна прытрымлівацца і маладзёжнае выданне, — разважае другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр ПРОХАРАЎ. — Я падтрымліваю дэкана журфака: трэба даваць старонкі газеты моладзі, якая робіць толькі першыя крокі ў журналістыцы. Для іх будзе вельмі прэстыжным надрукавацца ў рэспубліканскім выданні. Чаму газеце давяраюць? Таму што тут кожнае слова выверанае, унізе стаіць прозвішча аўтара, які за кожную літару нясе адказнасць. А ў інтэрнэце пануе ўсёдазволенасць, там праблематычна шукаць сур'ёзную аналітыку і разлічваць на дакладнасць...

Пра смеласць і няшчырасць

— Калі б я ведаў «рэцэпт» маладзёжнага выдання, якое «выстраліць», я ім з вамі абавязкова падзяліўся б, — усміхаецца галоўны рэдактар газеты «Знамя юности» Мікалай МАЧЭКІН. — Ствараць маладзёжную газету заўсёды было цяжэй, чым любое іншае выданне, таму што яе аўдыторыя — разнашэрсная, вельмі капрызлівая, інтарэсы ў нашых патэнцыяльных чытачоў розныя. Як дагадзіць усім? Тым больш што зараз ёсць мноства інтэрнэт-пляцовак, сацсеткі, тэлеграм-каналы, але нашы матэрыялы не павінны станавіцца падобнымі на пасты «УКантакце». Дзе, як не ў газеце, мы можам атрымаць задавальненне ад прыгожай літаратурнай мовы? І калі я чую, што друкаваныя выданні дажываюць апошнія дні, то заўсёды кажу: «Не хвалюйцеся, мы яшчэ напішам аб закрыцці апошняга сайта». Мне хочацца верыць, што менавіта так і будзе. Задача маладзёжных СМІ — не гнацца за хуткасцю падачы інфармацыі. Мы не агрэгат навін. Няважна, калі ты прачытаеш гэту навіну: на хвіліну раней ці пазней. Сапраўдная журналістыка — гэта зусім не пра хуткасць, а ў першую чаргу пра якасць.

У маладзёжных выданнях заўсёды пануе асаблівая атмасфера, сярод калег няма ніякай зайздрасці. Таму «Чырвоная змена» і «Знамя юности» — найлепшая школа для пачынаючых журналістаў: тут вас навучаць пісаць, збіраць і аналізаваць інфармацыю. Прыгадваю, як я сам прыйшоў у «Знамя юности» дзесяць гадоў таму. Мяне вельмі добра прынялі ў калектыве. Мне хацелася паказаць сябе, на што я здольны, даказаць, што магу зрабіць лепш. Я ўвогуле лічу, што сапраўдны журналіст павінен быць па-добраму нахабным, у яго павінны гарэць вочы.

Галіна Барысаўна ПШОНІК аддала «Чырвонай змене» дваццаць гадоў свайго жыцця (працавала ў выданні з 1972 да 1992 года). Сёння яна рэдактар аддзела часопіса «Народная асвета».

— Я за смеласць і ў газеце, і ў часопісе, — кажа яна. — Смеласць страхуе ад няшчырасці, а няшчырасць — самае страшнае для любога друкаванага выдання. Чытачы яе вельмі добра распазнаюць. Лічу, што забароненых тэм быць не павінна. Трэба пісаць пра ўсё, што моладзь цікавіць. Цяпер я не сутыкаюся з маладымі напрамую, але працую з людзьмі, якія застаюцца з моладдзю сам-насам штодня: гэта настаўнікі і выкладчыкі. З іх дапамогай я правяла міні-даследаванне, і, шчыра кажучы, яго вынікі атрымаліся не зусім аптымістычныя. Нават са студэнтаў — будучых журналістаў — друкаваныя выданні чытаюць толькі адзінкі. Праўда, не чытаюць сёння не толькі газеты, але і кнігі. Іх месца занялі сацыяльныя сеткі. Педагогі пацікавіліся ў моладзі, хто, на іх думку, героі нашага часу. На першых пазіцыях у гэтым рэйтынгу аказаліся блогеры, спартсмены і спевакі.

Дык пра што ж трэба размаўляць з сучаснымі дзецьмі? Магчыма, гэта прагучыць нечакана, але іх цікавяць нявыдуманыя жыццёвыя гісторыі. Адна настаўніца расказала, што запрашала на сустрэчу да сваіх вучняў спачатку рэпера, а потым дзядулю аднаго з іх. І дзядуля зацікавіў дзяцей значна больш. Мяркую, што ва ўсіх нас стэрэатыпнае бачанне дзяцей. Мы насамрэч мала іх ведаем. У новага пакалення, як высвятляецца, захавалася патрэба ў маральных размовах. У сацыяльных сетках яны яе не задавальняюць...

Алена Васільеўна ЦЯРЭНЦЬЕВА працавала ў «Чырвонай змене» з 1985 да 1990 года, а сёння з'яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Алеся».

— Вялікі дзякуй тым людзям, якія змаглі зберагчы і захаваць усё лепшае, што было ў «Чырвонцы» і дваццаць, і трыццаць, і сорак гадоў таму. Хоць сёння працаваць значна цяжэй, чым у тыя часы. Змяніўся не толькі чытач — мы ўсе сталі крышачку іншымі, — разважае Алена Васільеўна. — Увогуле, сёння ў любым выданні цяжка зразумець: а хто твой чытач і што ён ад цябе чакае? Мы гатовы зрабіць, каб яму было цікава, але хто ён? У БДУ раней была вялікая праграма «Абітурыент журфака», якая падтрымлівала маладзёжную прэсу і стымулявала таленавітых старшакласнікаў прыходзіць да нас і публікавацца. Мы заўсёды былі ў канкурэнцыі з газетай «Знамя юности», але гэта была добрая канкурэнцыя, якая дапамагала нам усім расці. І ў тыя часы, і сёння беларускамоўнаму выданню было цяжэй, таму ЦК камсамола дапамагаў нам крышачку больш. Калі «Чырвоная змена» адзначала сваё 65-годдзе, разам з вучонымі з Акадэміі навук была арганізавана экспедыцыя на Палессе. Мы даследавалі вялікую праблему — пыльныя буры пасля яго асушэння. Потым нават выдалі брашуру. Такія акцыі, безумоўна, прыцягвалі да газеты ўвагу.

Лічу нармальным, што пачынаючыя журналісты прыходзяць у маладзёжнае выданне, набіраюцца вопыту і ідуць далей, хоць, вядома, заўсёды балюча з імі расставацца. Ім трэба быць удзячнымі газеце, якая пасадзейнічала таму, што яны ў дасканаласці авалодалі словам, сталі больш моцнымі ў выбары тэматыкі. А нам заўсёды радасна назіраць потым за іх поспехамі...

Pазмаўляць на адной мове

Дар'я ШЛАПАКОВА, спецыяльны карэспандэнт «Звязды» і пастаянны аўтар «Чырвонкі», прыйшла ў Выдавецкі дом «Звязда» яшчэ студэнткай-практыканткай і першыя крокі ў прафесіі рабіла менавіта ў маладзёжным дадатку. Як малады спецыяліст працуе ў газеце ўжо амаль два гады. Прызнаецца, што выдатна разумее розніцу паміж тым, што яна пісала і думала пра свае матэрыялы раней і што думае сёння.

— Моладзі цікава чытаць пра такіх жа ўнікальных людзей, як яны самі, бо ўсе маладыя лічаць сябе ўнікальнымі, — разважае Дар'я. — Як вы думаеце, чаму блогеры цікавяць і натхняюць маладых? Таму што яны вельмі блізка да сябе падпускаюць і расказваюць абсалютна ўсё пра сваё жыццё. І тым, хто іх чытае, падаецца, што з імі размаўляе родны ім чалавек, іх сябар. Таму трэба рухацца ў бок шчырых артыкулаў, магчыма, не вельмі «прычасаных», але з унікальным аўтарскім стылем. Каб наш чытач таксама адчуваў сябе сябрам з аўтарам. Камусьці падабаецца вышываць, а камусьці — танцаваць, камусьці цікава чытаць пра фільмы, а камусьці — пра спорт, таму арыентавацца трэба на ўсіх, у кожнага артыкула знойдзецца свой чытач. Сучаснай моладзі хочацца даведвацца пра тое, што іх хвалюе і кранае душу: пра адносіны з бацькамі і адносіны паміж сабой, яны клапоцяцца пра экалогію і гендарную роўнасць.

А сацыяльныя сеткі вельмі дапамагаюць мне ў рабоце, бо там можна знайсці любога героя для матэрыялу з любым хобі, людзей з рознымі, нават вельмі рэдкімі, прафесіямі, рознымі меркаваннямі па шматлікіх пытаннях. Заводзіць размову і камунікаваць у сацыяльных сетках таксама значна прасцей, бо там многія адчуваюць сябе ў сваёй стыхіі.

Хачу таксама дадаць: маім героям падабаецца, што будзе папяровы варыянт артыкула, а не толькі электронны. Яны рады прачытаць пра сябе на беларускай мове. Кажуць: «Беларуская мова — гэта вельмі крута!» Хоць не ўсе гавораць на ёй, але чытаць на роднай мове пра сябе ўсім падабаецца.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"

 

Выданні Выдавецкага дома "Звязда" можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".