220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Народны пясняр Беларусі.

Народны паэт Беларусі Янка Купала нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. у фальварку Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці ў сям'і арандатара.

 

 

Янка Купала - псеўданім пісьменніка. Сапраўднае яго імя - Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

Паходзіў Янка Купала з сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку згадваецца ў дакументах ХVІІ ст. Бацька Янкі Купалы Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч належаў да шляхты, якая не змагла ў часы Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіць свой род у статусе расійскага дваранства. Маці паэта Бянігна Валасевіч паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты. Таму афіцыцйна сям'я належала да саслоўя мяшчан. Хаця пры хрышчэнні 12 ліпеня 1882 года ў Радашкавіцкім касцёле будучы пісьменнік быў запісаны дваранінам.

У 1898 годзе Янка Купала скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча.

Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе спачатку працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908).

 

 

У 1908-1909 гг. Янка Купала з'яўляўся супрацоўнікам газеты «Наша ніва» і адначасова працаваў бібліятэкарам бібліятэкі «Веды» Б. Л. Даніловіча. У 1909-1913 гг. ён вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева ў Пецярбургу.

У кастрычніку 1913 г. Янка Купала зноў вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў у «Беларускім выдавецкім таварыстве», а ў 1914-1915 гг. быў рэдактарам «Нашай нівы». З набліжэннем фронту ў жніўні 1915 года эвакуіраваўся з Вільні, жыў спачатку ў Арле, а ў верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. У студзені 1916 г. прызваны ў армію: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску. У ліпені 1918 атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута.

У 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-22). Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы.

 

 

Купала быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (У. Караленка, М. Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з’ездаў, удзельнічаў у рабоце І з’езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з’езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. 3 самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

8 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. У ліпені 1962 урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках

Пісаць Янка Купала пачаў на польскай мове. Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 1903—1904 у часопісе «Ziarno» («Зерне») пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» датуецца 1904 годам. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15.5.1905 у газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». У беларускамоўным друку Янка Купала дэбютаваў вершам «Касцу» («Наша ніва», 1907), а летам 1907 года ў «Нашай ніве» з’яўляюцца і іншыя яго.

Раннім вершам Янкі Купалы ўласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі ХІХ ст. На працягу 1906—1907 гг. Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханнем», а ў 1908 годзе ў «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку». У тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?». Тэматыка гэтых твораў — прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага края, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці.

У 1908 пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка». Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу А. Грыневічам. Творча плённым, узлётным для Я. Купалы быў перыяд 1910—13, калі ён выдаў трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця» (1913). У 1914—15 з’явіліся цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі.

На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Бацькаўшчыны, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу «Спадчына» (1922).

У савецкі час таксама выйшлі кнігі паэзіі «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942)

Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п’есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 — аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917, аднайменны кінафільм — у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п’есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена БДТ-1 у 1926), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928).

 

Я. Купала таксама выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. У 1972 г. выйшла кніга яго твораў «Публіцыстыка».

Купала вядомы таксама як пкракладчык. Ён пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п’есах В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі айчынных класікаў, а таксама сучасных беларускіх пісьменнікаў.