220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Да юбілею пісьменніцы.

Беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч, якую кожны беларус ведае пад псеўданімам Цётка нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) у шматдзетнай шляхецкай сям’і. Бацька валодаў гаспадаркай у 100 га, а таксама меў «пустошу» Пяшчыну (200 га), якую аддаваў у арэнду сялянам.

У сям'і Пашкевічаў акрамя Алаізы былі два сыны Вацлаў і Язэп — афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка, а таксама тры дачкі: Стэфанія, Караліна і Софія.

Ранняе дзяцінства будучай пісьменніцы прайшло пад апекай бабулі Югасі ў фальварку Тарэсін і ў маёнтку Стары Двор.

Першапачатковую адукацыю атрымлівала дома з дапамогай «дарэктараў», а ў 1884 годзе паступіла адразу ў 4-ы клас Віленскага прыватнага сямікласнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 рублёў на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю. Пасля заканчэння ў 1901 годзе гімназіі пэўны час працавала ў вёсцы хатняй настаўніцай.

У 1902 годзе яна пераехала ў Санкт-Пецярбург, дзе вучылася ў гімназіі Александроўскай , а таксама на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта. Атрыманыя тут веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся ёю ў жыцці. Падчас яе вучобы ў Санкт-Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», у якім А. Пашкевіч таксама удзельнічала.

Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. Ужо ў 1903 годзе ў Пецярбургу выйшла пад выглядам фальклорнага зборніка кніжка «Песні», тут побач з творамі Ф. Багушэвіча, змешчаны яе верш «Мужыцкая доля» (пад псеўданімам Банадысь Асака). У гэты ж час гектаграфічным спосабам былі выдадзены дзве падпольныя брашуры — «Калядная пісанка на 1904 год» (пісаная ад рукі лацінскімі літарамі, 1903 г.) і «Велікодная пісанка» (друкаваная на машынцы кірыліцай, 1904 г.). У абодва выданні ўвайшлі і вершы Цёткі: у першае — тая ж «Мужыцкая доля» і «Мужык не змяніўся» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка), у другое — «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі» (пад псеўданімам Гаўрыла). Творы паэтэсы займалі амаль палову гэтых невялічкіх выданняў, выяўляючы тым самым і яе ўдзел у нелегальнай выдавецкай дзейнасці «Круга беларускага», і яе значную працаздольнасць як літаратара.

Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназі.

У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. Распачала актыўную прапагандысцкую работу. У 1904—05 — дзеячка Беларускай сацыялістычнай грамады. Арганізоўвала рэвалюцыйныя рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. У 1905 годзе была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні.

У канцы 1905 года вымушана была з'ехаць у Галіцыю, якая тады уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Жыла ў Львове, з 1907 да 1911 гг. праходзіла вучобу на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэта.

У Львове ў 1906 годзе надрукавала перакладзеную ёй з украінскай мовы на беларускую (пад псеўданімам Тымчасовы) дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей». Кансультавала ўкраінцаў, якія пісалі пра Беларусь і беларускую літаратуру (І. Свянціцкага, І. Крып’якевіча і інш.), знаёміла іх з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У Жоўкве (каля Львова) у базыльянскай манастырскай друкарні выдала ў 1906 годзе два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) і «Хрэст на свабоду» (пад псеўданімам Гаўрыла).

У 1908—1909 А. Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце. Была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта «Спуйня» («Згуртаванасць»).

У 1911 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч (будучая жонка Янкі Купалы) былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.

У лютым 1912 года Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Вільню. Яна ўдзельнічала ўва ўсіх значных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару, нават іграла ў некаторых спектаклях трупы Ігната Буйніцкага, друкавалася ў беларускіх выданнях. Калі ў 1914 годзе ў Мінску стварыўся першы дзіцячы беларускамоўны часопіс «Лучынка» — усклала на сябе абавязкі яго галоўнага рэдактара. Прыкладала шмат намаганняў, каб арганізаваць і падрыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках Віленшчыны.

У 1915 годзе Цётка працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагала ствараць дзіцячыя прытулкі, даглядала хворых як сястра міласэрнасці.

У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Аслаблены сухотамі і голадам арганізм не адолеў хваробы. Памерла ў ноч на 5 лютага 1916 года.

Пахаваная на могілках у родным Старым Двары.

Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала:"Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай»."

Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Я. Колас, П. Мядзёлка, Л. Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара».

Творчасць Цёткі прадстаўлена паэзіяй, прозай і публіцыстыкай.

Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы.

Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Зялёнка», «Асеннія лісты», «Лішняя» і інш.). Адлюстравала цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве («Міхаська»). Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і яе вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі.

 

У гандлёвых аб'ектах  РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.