220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Акрыленыя родным словам

У Шчучыне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 150-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі і 145-годдзю з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Дакладней — у звязку з гэтымі датамі 2021-га на радзіме легендарнай беларускай паэтэсы прайшла прэзентацыя па свойму ўнікальнай кнігі — «Акрыленыя родным словам», у якой знайшлося месца і расповяду пра жыццё двух пісьменніц, і іх творам на ўкраінскай і беларускай мовах і ў перакладзе на беларускую і ўкраінскую. Знайшлося месца багатай колькасці ілюстрацый...

 

 

Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Найперш — дзякуючы руплівасці арганізатара гэтага праекта — першага сакратара Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Івана Бышняка. І, безумоўна, дзякуючы Шчучынскаму райвыканкаму Гродзенскай вобласці, кіраўніцтву Шчучынскага раёна. Як аўтары ідэі кніжнага праекта пазначаны і Іван Бышняк, і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта. Фінансавую падтрымку выданню аказалі, акрамя Шчучынскага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Байко, спадары Пятро Грыгарчук, Андрэй Мінькоў. З уступным словам да кнігі выступае і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім. Вось што ён, у прыватнасці, зазначае: «... Леся Украінка і Цётка — не толькі паэткі, але і змагары за свабоду, за адраджэнне нацыянальнай свядомасці сваіх народаў.

З дня нараджэння гэтых вядомых жанчын прайшло паўтара стагоддзя. Украіна і Беларусь зацвердзіліся як незалежныя дзяржавы, але творчасць гэтых паэтак застаецца актуальнай, бо яны, як настаўнікі сваіх народаў, сеюць вечнае, мудрае, добрае.

 

 

Пасольства Украіны і Шчучынскі райвыканкам пры падтрымцы Валынскага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі падрыхтавалі праект, прысвечаны 150-годдзю Л. Украінкі і 145-годдзю Цёткі — выданне біяграфічнага і паэтычнага зборніка выбраных твораў вядомых паэтак на ўкраінскай і беларускай мовах. Гэта кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках. Намаганні па яе выданні таксама прыклалі Нацыянальная бібюліятэка Беларусі і Астрынская школа Шчучынскага раёна, за што ім вялікая ўдзячнасць.

Упэўнены, што гэтая кніга стане важным унёскам ва ўшанаванне памяці дзвюх выдатных паэтак, а таксама важнай падзеяй у развіцці добрасуседскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю — дзвюма дружалюбнымі дзяржавамі, народы якіх маюць блізкія, але асаблівыя, непаўторныя культуры...»

 

Сярод тых, хто вітаў і саму падзею выхада кнігі на прэзентацыі ў Шчучыне, і юбілеі саміх пісьменніц, былі дасведчаныя беларускія літаратуразнаўцы — дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, славуты беларускі ўкраініст доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша, а яшчэ — намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэса Людміла Кебіч, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» перакладчык, публіцыст Аляксей Чарота, бібліятэкары, прадстаўнікі творчай грамадскасці Шчучына, Гародзеншчыны. Іван Саверчанка так ахарактарызаваў падзею: «Алаіза Пашкевіч і Леся Украінка розумам і сэрцам першымі адчулі дыханне часу. На старонках сваіх шэдэўральных твораў яны геніяльна агучылі галоўныя патрэбы беларусаў і ўкраінцаў, таленавіта сфармулявалі грамадскія ідэалы і каштоўнасці. Паэтэсы выразна акрэслілі невычэрпны патэнцыял і веліч беларускага і ўкраінскага народаў, гатоўнасць пераадольваць любыя бар’еры і перашкоды на шляху да лепшага жыцця». І яшчэ: «Смелыя і адораныя жанчыны, надзеленыя рэдкімі філалагічнымі і творчымі здольнасцямі, даастатку прысвяцілі свае жыцці ўвасабленню адвечнай мары нашых народаў — пазбавіцца прыгнёту, на вякі ўсталяваць у Беларусі і Украіне народную ўладу, пачувацца сапраўднымі гаспадарамі, мірна жыць у свабодных краінах, без прымусу і гвалту шчодра працаваць на ўласнай Богам дадзенай зямлі».

 

Алена Пасюта і Іван Башняк у адзін голас заявілі: «Вельмі прыемна, што лёс падараваў нам магчымасць стаць аўтарамі ідэі яднання вялікіх паэтэс, дзвюх духоўных сясцёр на старонках гэтай кнігі. Мы ўпэўнены, што выданне біяграфій і паэзіі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) на ўкраінскай і Лесі Украінкі на беларускай мовах будзе залогам сяброўства, стане яшчэ адным мастком паміж добрымі суседзямі — Украінаю і Беларуссю».

 

У Шчучыне была разгорнута і адмысловая выстаўка кніг Цёткі і Лесі Украінкі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама — выданняў, прысвечаных ім. За гэта — нізкі паклон сталічным бібліятэкарам і асабіста Алесю Суша.

 

 

І нельга яшчэ раз не згадаць Івана Башняка. Менавіта ён — асноўны генератар творчага, выдавецкага праекта. Менавіта ён прайшоў увесь шлях з гэтай кнігай — ад нараджэння самой ідэі да фарміравання зместу, да запрашэння ў гэты супольны праект многіх неардынарных асоб. Менавіта Іван Сцяпанавіч пераклаў на ўкраінскую мову (разам з Сяргеем Салаўём) нарыс «Алаіза Пашкевіч» з раздзела «Жыццёвыя і творчыя шляхі паэтак». Знайшоў ён і фундатараў выдання кнігі. Іван Сцяпанавіч, дарэчы, метадычна, крок за крокам, выступае апантаным прыхільнікам мемарыялізацыі жыцця і творчасці Лесі Украінкі ў Беларусі. Асабістае жыццё ўкраінскага дыпламата цесным чынам звязана са Львовам, дзе ён у свой час вучыўся, са Львовам, які ў многім сфарміраваў творчыя памкненні беларускай пісьменніцы Цёткі. І гэтая акалічнасць таксама шматзначная ў рэалізацыі вялікай кніжнай, асветніцкай справы.

 

... Выданне супольнай беларуска-украінскай кнігі нагадала пра тое, што ў гісторыі культур нашых краін шмат постацяў, якія аднолькава цікавыя для нашых народаў: Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч... Мо з часам з’явяцца новыя супольныя творчыя, кнігавыдавецкія праекты, якія пакажуць іх ролю і месца ў культуры як Беларусі, так і Украіны?.. Будзем на гэта спадзявацца.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".