Да старту Алімпійскіх гульняў засталося зусім няшмат часу. Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прадстаўляе новую кнігу ў серыі «Беларускія пісьменнікі — дзецям», якая будзе цікавай усім, хто займаецца спортам і сапраўды хоча стаць чэмпіёнам. Кніга беларускага паэта Уладзіміра Мазго «Хутка стану чэмпіёнам. Вершы, скорагаворкі» прысвечана спорту і жаданню перамог, каманднаму духу і радасці сяброўства. Акрамя таго, у зборнік увайшлі незвычайныя забаўляльныя вершы, у якіх рэальнае пераплятаецца з камічна-фантастычным.
З дапамогай яркіх вобразаў і гульні слоў аўтар па-мастацку абыгрывае штодзённыя жыццёвыя сітуацыі, ператвараючы іх у займальныя і нетыповыя. У кнізе таксама змешчаны арыгінальныя скорагаворкі і смешныя каламбуры пісьменніка, якія дапамогуць весела правесці час.
Добра ўспрымаюцца малюнкі мастака Уладзіміра Сытчанкі.
Аўтар кнігі Уладзімір Мінавіч МАЗГО нарадзіўся ў 1959 годзе ў гарадскім пасёлку Зэльве Гродзенскай вобласці. Яшчэ ў шостым класе напісаў сачыненне ў вершах, пасля чаго перамагаў у розных літаратурных конкурсах, у тым ліку — «Шукаем усмешку». Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у выдавецтвах «Юнацтва», «Мастацкая літаратура», часопісах «Вясёлка», «Полымя», «Нёман». Аўтар двух дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых, а таксама больш за сотні песень. Асобныя творы перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005), літаратурных прэмій імя Васіля Віткі (2005), «Залаты Купідон» (2008). Выдатнік друку Беларусі (2007). Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна (2008). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016).
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі"
У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць пазнавальныя выданні для дзяцей.