220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Памяці Максіма Багдановіча.

Прайшло 110 гадоў з таго дня, калі юны выпускнік яраслаўльскай гімназіі Максім Багдановіч упершыню ў свядомым узросце трапіў на зямлю свайго сэрца — Беларусь. Дагэтуль ён толькі ўяўляў яе, цудоўную — па кнігах, у тым ліку работах свайго бацькі, фалькларыста Адама Багдановіча, па расповедах родных, па беларускіх выданнях, яшчэ нешматлікіх... І ўзнаўляў, ствараў яе ў сваіх цудоўных вершах.

І вось — першы візіт. Выдаўцы Іван і Антон Луцкевічы, да якіх у Вільню прыехаў малады паэт, вырашылі, што найлепш размясціць госця дзесь на прыродзе — і ўражанні багацейшыя, і для хворага лепш... Бо юнак прыехаў хворы на сухоты. І адправілі яго ў фальварак свайго дзядзькі Вацлава Лычкоўскага і ягонай сястры ў Ракуцёўшчыну, пад Радашковічамі. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця» — назваў сваё гасцяванне тут паэт.

З тых часоў не ў адным сэрцы паэзія Максіма запаліла любоў да беларушчыны. Сёння ў Ракуцёўшчыне — філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Вось ужо шмат гадоў збірае тут людзей паэтычна-музычнае свята «Ракуцёўскае лета»... На жаль, пандэмія парушае нават самыя светлыя планы, летась свята не адбылося... Але сёлета, 24 ліпеня, «Ракуцёўскае лета» зноў збірала гасцей. Што было найбольш адметнае?

На покліч Максіма

Цешыць, што людзі па-ранейшаму імкнуцца сюды. Бывала, вядома, збіралася іх куды больш — часам увесь схіл пагорка каля адкрытай сцэны быў заняты, дзясяткі вядомых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, музыкантаў, мастакоў перагукваліся, узрадаваныя магчымасцю сустрэцца сярод краявідаў, што натхнялі Максіма... Так, сёння неспрыяльны час для масавых мерапрыемстваў. Трэба захоўваць дыстанцыю, маскі ў спёку назаляюць... Нават пачатак прызначылі пазней, чым звычайна, каб гарачыня трохі спала. Сцэну зладзілі ў іншым месцы, на падмурках колішняга свірна, які, на жаль, колькі гадоў таму згарэў. Але па-ранейшаму гасцей сустракалі хлебам-соллю, а тыя ўскладалі кветкі дя памятнага каменя... Прыязджалі цэлыя аўтобусы з наведвальнікамі і асобныя машыны, шмат хто прыходзіў пешкі, з суседніх лецішчаў ды вёсак. Ішлі людзі і з электрычкі — хоць станцыя за два кіламетры, але затое можна ўявіць, што ты, як Максім, вандруеш і спазнаеш родную зямлю. Прыходзілі цэлымі сем'ямі — дзетак сабралася вельмі шмат. Прыехалі заўсёднікі свята з Маладзечна, прыйшлі з суседніх Чысці і Краснага... А ў старшыні Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч і маладой паэткі з Каменца Настассі Нарэйкі дарога атрымалася яшчэ даўжэйшая. Абедзве літаратаркі апынуліся ў Ракуцёўшчыне ўпершыню і былі асабліва ўзрушаныя. Сцэна аб'яднала паэтаў з розных куткоў Беларусі, прадстаўнікоў розных пакаленняў, ад паэта Віктара Шніпа, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій, да пачынаючых творцаў. Прывітала гасцей пачэсная госця Вольга Дашкоўская — траюрадная пляменніца Максіма Багдановіча.

Не, сёлета аніяк нельга было не правесці фестываль: бо не толькі прамінула 110 гадоў з наведвання Максімам Ракуцёўшчыны, але і сам год для яго юбілейны: у снежні адсвяткуем 130 гадоў аўтару «Зоркі Венеры».

Квэст вакол паэта

Сумаваць не было калі — на сцэне бесперапынна ішло дзейства, чытанне вершаў змянялася песняй, песня — зухаватым танцам... А паралельна можна было паўдзельнічаць у гульнях для дзяцей і дарослых. Як растлумачыў Сяргей Усік, дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры, чыім філіялам з'яўляецца музей Максіма Багдановіча, у праграму адмыслова ўнеслі змены. Не толькі традыцыйнае чытанне вершаў, але і розныя квэсты, квізы. Гульня «Кніганоша» прапаноўвала са зборнікам «Вянок» прайсці ўяўны шлях ад Вільні да Мінска. Падрыхтаваная бібліятэкарамі гульня «Праўда ці хлусня» дазваляла праверыць сваё веданне біяграфіі паэта, пацвердзіўшы або абвергнуўшы пэўныя факты з яго жыцця. А ўдзельнікі гульні «Перакладчык» удасканалілі свае веды ў беларускай мове, якую так любіў Максім Багдановіч. Дастаеш з кошыка картку з малюнкам прадмета ці жывой істоты — і называеш па-беларуску.

Заходзьце ў дом, госцейкі!

Традыцыйна падчас Ракуцёўскага фестывалю сонечна. Сёлета так і было. Ад спёкі можна было схавацца не толькі пад дрэвамі — але і зайсці ў пабудовы, дзе размяшчаюцца музейныя экспазіцыі: «Дом гаспадара», «Дамок арандатара». А ў гумне ўсе маглі прагнаць смагу «жывой вадой», пра якую пісаў Максім Багдановіч. «У родным краі ёсць крыніца жывой вады...» — гэта менавіта пра тутэйшую крыніцу. Яна тут жа, непадалёк — многія падыходзілі, каб напіцца з-пад празрыстага халоднага струменя, як некалі сам паэт.

Супрацоўнікі музея праводзілі для ўсіх ахвотных экскурсіі. Вось на стале — кнігі французскіх аўтараў, якімі захапляўся Максім Багдановіч: Верлен, Бадлер, Флабэр... Можна ўявіць, як ён сядзіць вось тут, у халадку летняга вечара, пры святле газніцы трымаючы ў руках томік. Вось так званы дзіцячы пакой — напамін пра тое, як Багдановіч любіў дзетак, як марыў пра сям'ю, стварыць якую з-за хваробы меў мала надзей. Маленькая дзявочая кашулька, лялечная мэбля, калыска... Вось сервіраваны для вячэры круглы стол — так і бачыш, як за ім збіраюцца гаспадары, запрасіўшы маладога госця.

Ліецца песня...

За два месяцы, якія Максім пражыў у Ракуцёўшчыне, ён напісаў вельмі шмат — цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «Вераніка» і «У вёсцы». Апошняя — якраз пра гэтыя мясціны... Многія радкі з напісанага тут сталі песнямі, якія гучалі і з сёлетняй сцэны.

Праўда, сцэна падчас сонечнага ракуцёўскага фестывалю награваецца, як патэльня... Але яшчэ гарачэйшы — імпэт музыкаў. Ярчэй за сонца «запальвалі» калектывы з Маладзечаншчыны: «Амадзіны», «Вясёлыя ноткі», «Асалода»... І ўсе, вядома, чакалі хэдлайнера: дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята». Чакалі недарэмна: гледачы, нягледзячы на спякоту, прытанцоўвалі і пляскалі ў ладкі. Максіму б дакладна спадабалася... Мусіць, і затанцаваў бы з прыгажуняй у народным строі — было ж яму ўсяго дзевятнаццаць! То адзін натхнёны госць, то другі сцвярджаў, што адчувае тут прысутнасць паэта. Вось толькі ці дакладна спрацавала ўяўленне? Бо Максім у фальварку, кажуць, пачаў адрошчваць бараду. Відаць, каб здавацца самавітым.

Дарэчы, як уяўляюць Максіма дзеці, можна было ўбачыць на выстаўцы дзіцячых малюнкаў, прысвечаных юбілею паэта, «Любімыя мясціны Максіма Багдановіча». Малады такі, задуменны, прыгожы...

Стаць васільком

У Максіма Багдановіча ёсць цудоўны твор — «Апокрыф», прыпавесць пра каласы і васількі. Бо нашто жыта, дабрабыт, калі няма васількоў — чыстае красы, прагі духоўнасці, якая жыве ў душах нават простых беларусаў? Вось на планшэце з загалоўкам «Беларусь мая васільковая» — адбіткі дзіцячых далонек, якія ствараюць любімую кветку Максіма. Маленькіх ахвотных далучыцца да перформанса шмат... Гэтак жа, як далучыцца да майстар-класа па вырабе кніжных закладак «Васількі». А можна і набыць «валошку», зробленую народнымі майстрамі, прычапіць да кашулі. На кірмашы шмат дзівосаў, зробленых рукамі майстроў з Мінска і Маладзечаншчыны.

Вядома, у эпоху «Інстаграма» паўсюль паблісквалі ўзнятыя смартфоны. Напэўна ж, цяпер у сеціве шмат здымкаў, зробленых у фотазоне па творы Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык». Ну і як не выставіць на старонку фота свайго дзіцёнка, якому каля стэнда «Аквагрым» дапамаглі самому ператварыцца ў казачнага героя!

Тыя, хто аднойчы пабываў у Ракуцёўшчыне, абавязкова захочуць прыехаць сюды яшчэ. Прынамсі, многія казалі, што наступным летам не прапусцяць фестываль беларускай паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.