Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое для ўсіх нас мае вялікае значэнне. Як правіла, гэтае свята праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, старадаўніх цэнтрах асветы і кнігадрукавання. Нагадаю, што свята тройчы прымаў Полацк (1994, 2003, 2017), двойчы — Тураў (1995, 2004), а таксама Заслаўе (2000, 2014); Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Бялынічы (2020).
Чарговае свята пройдзе ў Капылі ў верасні 2021 года. Дарэчы, тут жа ладзіцца і Мінскі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі».
Аб тым, што новага з'явіцца ў райцэнтры і як ідзе падрыхтоўка да гэтых знамянальных падзей, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў старшыні Капыльскага райвыканкама Сяргея Пілішчыка.
— Сяргей Міхайлавіч, што значыць для вас і ўсіх капылян Дзень беларускага пісьменства?
— Прымаць Дзень пісьменства Беларусі — для нас вялікі гонар і пашана. Капыльшчына з'яўляецца радзімай многіх айчынных пісьменнікаў; месцам, дзе прайшло іх дзяцінства, юнацтва, якія тут пачыналі свой творчы шлях. І менавіта атмасфера бацькоўскага дома, школы, што яны заканчвалі, культурная спадчына, самабытнасць і адметнасць іх родных мясцін і сфарміравалі будучых пісьменнікаў. Літаратараў — выхадцаў з Капыльскага раёна — каля 30. Варта аддаць належнае, што Цішка Гартны, Іван Бельскі, Анатоль Астрэйка, Алесь Адамовіч, Кузьма Чорны, Ян Скрыган — гэта зоркі першай велічыні. І самы яркі брыльянт у гэтай кагорце, несумненна, — Кузьма Чорны.
Мы хочам падкрэсліць не толькі значнасць для нашага горада Дня беларускага пісьменства, але і падмацаваць гэта канкрэтнымі справамі. У прыватнасці, будзе створана алея выдатных пісьменнікаў — нашых землякоў: падабрана пляцоўка, ідзе абмеркаванне са спецыялістамі, у якім кантэксце, ракурсе павінна знаходзіцца і выглядаць гэтая алея. Галоўным тут, бясспрэчна, стане помнік Цішку Гартнаму, які быў першым прэм'ер-міністрам незалежнай Беларусі. Гэтым мы хочам падкрэсліць яго ўдзел у літаратурным жыцці краіны і нашага рэгіёна.
— Ці звярталіся вы да вопыту правядзення аналагічных свят у іншых гарадах краіны? Магчыма, там ёсць нешта вартае пераймання?
— Вялікая група прадстаўнікоў райвыканкама, адукацыі, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна прысутнічала на апошнім свяце ў Бялынічах. Вядома, шмат карыснага ўзялі для сябе. У прыватнасці, нам спадабалася ідэя закладкі алеі гарадоў, якія прымалі ўдзел у Днях беларускага пісьменства. Госці раз'едуцца, але пасаджаныя дрэўцы будуць нагадваць пра іх. Акрамя таго, і пасля свята зялёныя пасадкі будуць надаваць прыгажосці райцэнтру, палепшаць экалогію.
— Што плануецца па добраўпарадкаванні? Можа, з'явяцца новыя аб'екты?
— Закончылася рэканструкцыя будынка былога клуба будаўнікоў, падыходзяць да завяршэння ўнутраныя работы. Тут размесціцца раённая дзіцячая бібліятэка, ужо вядзецца фарміраванне кніжных фондаў, ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэта будзе сучасная ўстанова з укараненнем новых тэхналогій, інтэрнэту, з усім неабходным для арганізацыі літаратурных вечарын, чытанняў, іншых мерапрыемстваў, якія будуць пашыраць кругагляд маленькіх грамадзян, падлеткаў, прывіваць ім любоў да кнігі, прагу да чытання. Нездарма кажуць, што трэба чытаць услых, каб чуць сябе і каб фарміравалася шырокае мысленне, добрае вымаўленне, выпрацоўвалася пісьменная мова.
Як вядома, перад прыездам гасцей кожная гаспадыня робіць у доме генеральную прыборку. А Капыль — наш агульны дом. Не чакаючы 2021 года, мы заасфальтавалі 16 вуліц, сем завулкаў, працягваецца ўладкаванне дваровых тэрыторый, устаноўлена дадатковае абсталяванне на дзвюх дзіцячых пляцоўках, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па афармленні цэнтральнай часткі горада. У дамах будуць заменены дахі, вокны, праведзена цеплавая рэабілітацыя, з'явяцца новыя бардзюры на вуліцах, тратуары, павялічыцца колькасць гульнявых зон. Выдзяляюцца сродкі на даабсталяванне школьных стадыёнаў, дзіцячых пляцовак, спартыўных зал, на дадатковае аснашчэнне камп'ютарных класаў, набыццё інтэрнэт-дошак, абнаўленне кухонных блокаў, закупку мэблі. Вялікі рамонт правялі ў Цэнтры культуры, закупілі новую мэблю для глядзельнай залы, сэнсарныя экраны, камп'ютары.
У штаб па падрыхтоўцы свята ўваходзяць спецыялісты райвыканкама, адукацыі, культуры, райспажыўсаюза, прыватных гандлёвых арганізацый. Аб'ектам гандлю, што разгорнуць продаж падчас свята, даведзены планы, у якім гістарычным дызайне, колеравай гаме павінны быць аформлены іх латкі, крамы.
Горад знаходзіцца на Капыльскай градзе — на ўзвышшы і шматлікіх пагорках, што надае ландшафту адметнасць. Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне не толькі цэнтра, але і ўсяго горада, прылягаючых тэрыторый зробяць Капыль яшчэ больш прыцягальным, і ён зайграе новымі адценнямі фарбаў.
Хочацца, каб Капыль нароўні з Мірам, Нясвіжам стаў турыстычным цэнтрам. Мяркую, можна развіваць турыстычныя маршруты па слядах жыцця і дзейнасці нашых пісьменнікаў. Тым больш што гасцям будзе дзе спыніцца — адрамантавалі гасцініцу.
— Сяргей Міхайлавіч, што датычыцца «Дажынак», іх правядзенне таксама невыпадковае? Капыльскі раён стабільна і дынамічна развіваецца. Вам ёсць што паказаць і расказаць калегам з іншых рэгіёнаў Міншчыны, краіны!
— Капыль сам па сабе горад невялікі. Тут жывуць 10 тысяч чалавек, яшчэ 28 тысяч — у раёне. Раён аграрны, таму што 70 % пражывае ў сельскай мясцовасці. Менавіта 70 % раённага валавога ўнутранага прадукту «куецца» на зямлі. У нас няма буйной прамысловасці. Галіна прадстаўлена мясцовымі прадпрыемствамі «Каапрам», масласырзавод, лясгас, ЖКГ.
Капыльская зямля заўсёды давала добрыя ўраджаі. Мы збіраем больш за ўсіх у Мінскай вобласці рапсу, буракоў. Наш край называюць жытніцай Міншчыны. Практычна не было ніводнага года, каб валавы збор зерня быў менш як 100 тысяч тон. Па гэтым паказчыку мы ў лідарах у абласным спаборніцтве. Капыльскі раён паказаў за дзесяць месяцаў гэтага года самы высокі тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці.
Актыўна ў нас будуюцца і новыя жывёлагадоўчыя аб'екты. Летась уведзена ў дзеянне шэсць. Сёлета ўжо здадзена і ў стадыі завяршэння сем. У наступным годзе запланавана яшчэ тры жывёлагадоўчыя комплексы.
Я лічу, што наша шчодрая зямля павінна даваць аддачу, карміць людзей. Гэта самае галоўнае для ўлады. Вельмі важна, каб чалавек атрымліваў дастойны заробак для ўтрымання сям'і і жыцця ў дастатку. Калі яго галава не затлумлена бытавымі, сацыяльнымі праблемамі, ён думае аб нечым узнёслым, аб тым, як дома пачытаць кнігу, паглядзець добры фільм.
— І калі пройдзе фестываль?
— У наступныя выхадныя верасня пасля правядзення Дня беларускага пісьменства. Такое рашэнне было прынята абласным кіраўніцтвам. І гэта правільна. Горад не трэба рыхтаваць паасобку да двух свят.
Інфамацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"