Пазаўчора мы святкавалі юбілей са дня нараджэння Алеся Адамовіча. Калі б не вайна і не маміна невялічкая хітрасць, якая «памаладзіла» сына ў пасведчанні аб нараджэнні на год, каб яго не сагналі ў Германію, мы б трэцяга жніўня 2021 года адзначылі 95 гадоў з дня нараджэння Алеся Адамовіча. Прыдуманая дата — 3 верасня 1927 года — між тым, стала пашпартнай, увайшла ў энцыклапедыі і «Вікіпедыю». Але родныя і тыя, каму блізкая творчасць пісьменніка, адсвяткавалі яго юбілей сёлета. Адамовіч нарадзіўся ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна, і вельмі прыемна, што ў гэты юбілейны для пісьменніка год у Капылі з’явіўся мурал з яго партрэтам. Вось і не вер пасля гэтага ў прадвызначанасць лёсу! Партрэт малявалі да Дня пісьменства, які сёлета адбудзецца тут, а атрымаўся своеасаблівы падарунак да юбілею.
Bыява на фасадзе
Стварэннем яе займалася мінская студыя мастацкага роспісу «Zadelo».
— Да нас звярнулася начальнік аддзела ЖКГ і будаўніцтва Капыльскага райвыканкама Марына Канончык і прапанавала супрацоўніцтва, — расказаў кіраўнік студыі Яўген Салановіч. — Дагэтуль мы размалявалі шмат фасадаў да «Дажынак» у Скідзелі. У Капылі нам зацвердзілі два партрэты — Адама Русака і Алеся Адамовіча. Перадалі карцінкі, і мы зрабілі некалькі стылізаваных варыянтаў, каб твары «ажылі».
Алеся Адамовіча малявалі непасрэдна сам Яўген і яго цёзка па прозвішчы Мацюта. Кіраўнік студыі лічыць, што асаблівых цяжкасцяў у іх рабоце няма — наадварот, спрэс адна творчасць. Робіцца праект і візуальная карцінка, якая потым накладваецца на фасад дома ноччу з дапамогай спецыяльнага праектара і абводзіцца. А ўжо днём мастакі яе размалёўваюць. На стварэнне двух муралаў майстрам спатрэбіліся чатыры дні. Праўда, з Адамовічам крыху прыйшлося паваждацца. Але гэта толькі таму, што якраз у тыя два дні, калі яго малявалі, стаяла нясцерпная спёка — за 30 градусаў, фасад награваўся, як патэльня.
Яўген расказвае пра асаблівасці работы стрымана, для яго гэта звыклая справа. І тое, што прыходзіцца працаваць на вышыні, ад адной думцы пра якую ў некаторых уразлівых заходзіцца сэрца, для яго ўсяго толькі рабочыя моманты. Каб зрабіць выяву, лічы, 15-метровай вышыні, спатрэбілася нават прыгнаць спецтэхніку з Мінска. У Капылі не знайшлося ножнічнага пад’ёмніка, які б змог падняць майстроў на пяты паверх. Пошукамі займалася сама фірма, бо ўсе пытанні, звязаныя з арганізацыяй работ, яна вырашае самастойна — як той казаў, працуе пад ключ. А прыстасаванне дазволіла майстрам тварыць у чатыры рукі і ўкласціся ў мінімальныя тэрміны.
Партрэт Адамовіча зроблены ў сіне-шэрых тонах.
— Мы выкарыстоўвалі спецыяльную акрылавую фарбу, якая будзе трымацца на фасадзе даволі доўга, — заўважае Яўген. — Якасць заўсёды залежыць ад тых рук, якія робяць работу, і фарбы. Некаторыя з іх, на жаль, хутка выгараюць. Мы ж за сваю работу адказваем.
На рахунку кампаніі шмат муралаў, прычым знакавых. Памятаеце чорна-белы арнамент на фасадзе кавярні «ДЭПО» на вуліцы Зыбіцкай у Мінску? Гэта справа рук супрацоўнікаў студыі. З найбольш уражальных сталічных аб’ектаў можна назваць яшчэ Маскоўскі дворык. На Магілёўшчыне ў Клімавічах не менш цікавы арт-аб’ект — незвычайна рэалістычны разлом сцяны з карцінкай знутры на старадаўняй вежы лікёра-гарэлачнага завода. А вось партрэт Адамовіча ў іх рабоце быў упершыню.
— Людзі па-рознаму адносяцца да нашай творчасці, — кажа Яўген. — Заўсёды знойдзецца нейкі песіміст, якому нешта не падабаецца. Але асабіста для мяне вельмі прыемна, што мурал з партрэтам Адамовіча мы зрабілі ў такі сімвалічны для яго біяграфіі год.
Алея пісьменнікаў
На Капыльшчыне нарадзілася шмат таленавітых людзей, у тым ліку пісьменнікаў і паэтаў. Да Дня пісьменства ў горадзе з’явіцца прысвечаная ім алея з інтэрактыўнымі лавачкамі, у тым ліку і ў гонар Алеся Адамовіча. З дапамогай QR-кода, які будзе на іх нанесены, любы жадаючы зможа даведацца пра творчае жыццё пэўнага аўтара і яго літаратурную спадчыну. Так, Алесь Адамовіч нарадзіўся ў вёсцы Канюхі, дзе ў тамтэйшым Доме адпачынку падпрацоўваў падчас сваёй вучобы на медыцынскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта яго бацька — Міхаіл Іосіфавіч. Пасля заканчэння ВНУ дыпламаваны ўрач разам з сям’ёй пераехаў па размеркаванні ў пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Там і прайшло дзяцінства будучага пісьменніка.
— Муралы і Алея пісьменнікаў — гэта ідэі нашых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама — ЖКГ і будаўніцтва, — паведаміў намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Аляксандр Дубіна. — Вельмі важна папулярызаваць сваіх знакамітых ураджэнцаў. Хто не ведаў, даведаецца, хто ведаў — будзе ганарыцца. А для падрастаючага пакалення гэта стымул для таго, каб развівацца і дасягаць вышынь у розных сферах дзейнасці.
— Алесь Адамовіч — славуты пісьменнік, мы ім вельмі ганарымся, — адзначыла начальнік аддзела ЖКГ і будаўніцтва Марына Канончык. — Мы паклапаціліся, каб яго і яшчэ некалькіх нашых літаратурных творцаў ушанаваць на фасадах дамоў. Іх партрэты вырашана размясціць на будынках адной з цэнтральных вуліц горада, дзе праходзяць усе нашы раённыя мерапрыемствы. Гэта найлепшы спосаб папулярызаваць знакамітых асоб.
А ў Канюхах — прыпынак Адамовіча
Цяпер пра славутага беларускага пісьменніка на Капыльшчыне нагадваюць два арт-аб’екты — мурал на пяціпавярховіку ў самім Капылі і прыпынак грамадскага транспарту ў Канюхах. Прыпынак з’явіўся дзякуючы неабыякавым жыхарам вёскі — Таццяне і Віктару Корзунам. Іх вельмі ўразіў «Адамовічаўскі» прыпынак у Глушы. Прыязджалі яны туды ў 2019 годзе на адкрыццё помніка Адамовічу. А праз год запрасілі на адкрыццё арт-прыпынку з партрэтам пісьменніка ў Канюхах. У нумары «Звязды» ад 26.08.2020 пра гэта ёсць артыкул. Таццяна лічыць: вёсцы вельмі пашчасціла, што Адамовіч нарадзіўся менавіта тут. Цяпер яна працуе над кнігай, дзе апіша гэты перыяд у дэталях.
— Наша вёска звычайная, але з цікавай гісторыяй, — інтрыгуе суразмоўніца. — Тут у XVІ стагоддзі знаходзілася панская сядзіба — шыкоўны дом з белымі калонамі, у якім у 1921-м быў створаны Дом адпачынку. Тут адпачывалі і лячыліся ў асноўным удзельнікі Грамадзянскай вайны. Менавіта тут і нарадзіўся ў 1926 годзе Алесь Адамовіч. А ў 1927-м — Дом адпачынку быў пераведзены ў Віцебскую вобласць. У аўтабіяграфічнай аповесці «Пражыта» Алесь Міхайлавіч піша, што самае таямнічае месца ў яго біяграфіі — менавіта Канюхі. «Я нічога са свайго канюхоўскага жыцця не памятаю», — прызнаецца ён, і гэта зразумела. Бо бацькі звезлі яго з вёскі гадавалага. На месцы былой панскай сядзібы ў Канюхах была пабудаваная Грозаўская школа-інтэрнат. У сярэдзіне 1970-х пісьменнік прыязджаў сюды на сустрэчу з яе навучэнцамі і настаўнікамі.
Корзуны запэўніваюць, што іх арт-прыпынак у Канюхах карыстаецца нязменным попытам. На яго фоне фатаграфуюцца і мясцовая дзятва, і выпадковыя падарожнікі, якія праязджаюць міма на сваіх аўто. Яны чытаюць нанесеную на сцяну прыпынку цытату з кнігі «Пражыта» і разумеюць, што Канюхі — не проста пункт на карце.
Падобныя аб’екты надаюць значнасць мясцовасці, прывабліваюць да яе турыстаў. Вось і ў Бабруйскім раёне спадзяюцца, што музей Адамовіча ў Глушы ўсё ж такі будзе створаны. Пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адкрыты разліковы рахунак, на які збіраюцца ахвяраванні на рэканструкцыю былой аптэкі ў Глушы пад яго. Дом знакаміты тым, што быў цэнтрам партызанскага падполля падчас вайны. У ім і адбываліся ўсе тыя гераічныя падзеі з удзелам тутэйшых жыхароў, апісаныя Алесем Адамовічам у дылогіі «Партызаны».
«У Рэспубліцы Беларусь шырока вядомае імя пісьменніка, сцэнарыста, літаратуразнаўца, грамадскага дзеяча — Алеся Адамовіча. Нашай Бабруйскай зямлі пашчасціла мець непасрэднае дачыненне да імя і творчай спадчыны гэтага выдатнага чалавека. Дзякуючы творчасці пісьменніка, пасёлак Глуша стаў вядомы на ўвесь свет. Неўміручы стаў і подзвіг людзей, якія жылі ў пасёлку і змагаліся з акупантамі. Яны сталі прататыпамі герояў раманаў «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», — гаворыцца ў звароце на сайце Бабруйскага райвыканкама. Банер з рэквізітамі рахунку можна знайсці з дапамогай стрэлак на стужцы ўнізе старонкі.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"