220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Кніжныя навіны.

У першым паўгоддзі бягучага года ў краіне зноў пасля пандэмічнага спаду актывізавалася кнігавыдавецтва. Пра гэта расказаў журналістам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір АНДРЫЕВІЧ.

Так, за шэсць месяцаў 2021 года было выдадзена 4647 найменняў кніг агульным тыражом 10 мільёнаў 40 тысяч асобнікаў. У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, колькасць выдадзеных кніг па колькасці найменняў вырасла на 19,4 %, а па тыражы — на 11,1 %. На думку спецыяліста, гэта добры знак — рост сведчыць аб тым, што людзі хочуць чытаць і бачыць новыя кнігі.

Выдавецкай дзейнасцю і распаўсюджваннем кнігадрукавання займаюцца ў краіне 523 суб’екты гаспадарання.

Найбольшым попытам у чытачоў і пакупнікоў карыстаюцца дзіцячая літаратура, навукова-папулярная літаратура — у першую чаргу, для школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту. «Аднак, на мой погляд, не хапае літаратуры, скіраванай на патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне — кніг пра любоў да Радзімы, роднай зямлі, бацькоў... Кніг, што выхоўваюць у падрастаючага пакалення павагу да старэйшых, да працы. Каб яго прадстаўнікі ведалі, што нічога дарма не даецца, што каб дасягнуць нечага ў жыцці, стаць паспяховымі, трэба шмат працаваць, — падкрэсліў начальнік упраўлення. — У савецкія часы было шмат такой літаратуры (і мастацкай, і навукова-папулярнай), дзе аўтарамі выступалі вучоныя, псіхолагі і самі бацькі».

Уладзімір Андрыевіч адзначыў, што дзяржава шмат увагі аддае выданню кніг. Кожны год фарміруецца тэматычны план сацыяльна значнай літаратуры.

— Па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў нас выдаецца ў год 15-18 кніг беларускіх аўтараў, якія накіроўваюцца ў публічныя бібліятэкі краіны. Мы плённа працуем з Міністэрствам адукацыі: кожны год тыражамі больш за 20 тысяч экзэмпляраў выдаюцца хрэстаматыі, дапаможнікі па вучэбных прадметах. Акрамя таго, штогод абнаўляюцца і падручнікі. Важна, каб якасныя кнігі з’яўляліся ў школах, на паліцах кніжных крамаў і ў сем’ях. Хацелася б таксама, каб нашы выдавецтвы выпускалі больш і класікаў беларускай літаратуры, і сучасных аўтараў, — падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч.

Між іншым, на апошнім міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі дзяржаў — удзельніц СНД» беларускія кнігавыдаўцы не перамаглі толькі ў адной намінацыі — «Кнігі для дзяцей і юнацтва», дзе іх абышлі калегі з Казахстана і Арменіі. Але нашы кнігі саступілі не па змесце, а па сваім афармленні. Беларускія кнігавыдаўцы прытрымліваюцца класічнага афармлення, але інфармацыйныя тэхналогіі імкліва развіваюцца. Сучасныя дзеці здольныя апрацоўваць адначасова шмат інфармацыі, пры гэтым у іх добра развітая зрокавая памяць. У кнігах, якія перамаглі, была «кліпавая» падача тэксту.

Днямі будуць абвешчаны пераможцы рэспубліканскага творчага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія — 2021», дзе выразна прасочваецца існаванне дзвюх праблем. Адна з іх — дэфіцыт кніг маладых аўтараў. Сёлета на конкурс паступілі ўсяго чатыры заяўкі — дзве ад гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ), дзе шмат працуюць з маладымі аўтарамі, дапамагаюць ім выдаць першую кнігу, адна — ад Мінскага абласнога аддзялення гэтай арганізацыі і яшчэ адзін аўтар заявіўся на конкурс самастойна.

«Вызначаць найлепшага сярод чатырох было складана, хоць мы і разумеем, што прэмія — у нейкім сэнсе аванс для аўтара-пачаткоўца. Але ў нас шмат літаратурных старонак у раённых і абласных газетах. Дык няўжо няма маладых аўтараў, якіх можна было б падтрымаць і дапамагчы ім выдаць сваю першую кніжку, нават тоненькую, хоць невялікім тыражом? Другая праблема — у нас трэці год запар не вызначаецца пераможца сярод драматургічных твораў, таму што для конкурснай сітуацыі павінна паступіць сама меней дзве заяўкі. А адсутнасць драматургічных твораў — гэта праблема таксама і для беларускіх тэатраў, і для кінематографа», — падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч.

На працягу многіх гадоў грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» праводзіць даследаванне папулярнасці беларускіх кніг у публічных бібліятэках. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні творчага саюза Анатоль МАТВІЕНКА.

- Мы вельмі хваляваліся, што ў 2020 годзе, складаным і ў палітычным, і ў эпідэмічным плане, знізіцца цікавасць чытачоў да публічных бібліятэк, таму ў параўнанні з даследаваннямі мінулых гадоў, якія ахоплівалі роўна два гады, дадалі дадатковыя тры месяцы для кампенсацыі чаканага зніжэння попыту на кнігу ў публічных бібліятэках. Аднак нашы асцярогі былі марныя — беларусы не адмовіліся ад наведванняў бібліятэк, — канстатаваў Анатоль Матвіенка.

У поле зроку трапілі даныя па 1 097 942 кнігах. Да іх звярталіся 1 212 967 разоў. Пад увагу браліся кнігі ўсіх аўтараў, незалежна ад іх членства ў тым ці іншым творчым саюзе, а таксама аўтараў, якія ні ў якія творчыя саюзы не ўваходзяць.

Па вопыце мінулых гадоў эмпірычным шляхам было ўстаноўлена, што кнігу варта прызнаць актуальнай, калі чытач звяртаецца да яе не радзей як раз на два гады, гэты паказчык умоўна прыняты за 100 %. Прыкладна такі ён быў у папярэднія гады. Апошняе даследаванне дало лічбу ў 110 % — прырост паказчыка прыкладна прапарцыянальны павелічэнню перыяду даследавання. А значыць, цікавасць да айчыннай літаратуры не падае і ў складаны ковідны час.

Тройка пісьменнікаў-лідараў не змянілася. Найбольшая колькасць зваротаў да кніг зафіксаваная ў трох празаікаў Саюза пісьменнікаў Беларусі — Мікалая Чаргінца, Наталлі Батраковай і Георгія Марчука. Добрым попытам карыстаецца і паэзія Міхася Пазнякова. У аўтараў-«рэкардсменаў» адну кнігу бяруць у бібліятэцы 6-8 разоў на год.

Анатоль Матвіенка таксама анансаваў новы праект Саюза пісьменнікаў Беларусі, «Белкнігі» і Міністэрства інфармацыі — мабільную праграму «Чытанка», якая дазволіць праслухоўваць творы беларускіх пісьменнікаў у аўдыёфармаце. «Чытанка» будзе даступная для бясплатнага спампоўвання. Мяркуецца, што яе прэзентацыя адбудзецца на Дні беларускага пісьменства ў Капылі.

Інфармацыя падыхтавана па матэрыялах "Звязда"

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі беларускіх і замежных пісьменнікаў на беларускай і рускай мове.