Мы, капыляне, —
ўсе паэты,
Такая наша ўжо зямля.
I паважаюць нас за гэта —
Шчаслівы той,
хто з Капыля».
Што ж, хоць на Капыльшчыне, можа, і не ўсе пішуць вершы, як сцвярджаў паэт Мікола Хведаровіч, але некалькі дзясяткаў слынных літаратараў гэтая зямля нарадзіла... Невыпадкова сёлетні Дзень беларускага пісьменства адбываецца ў Капылі. Зборнік, выдадзены да гэтай падзеі, пазнаёміць з літаратурнай гісторыяй і сучаснасцю краю. А гісторыя даўняя: яшчэ ў XVІ стагоддзі тут жыў аўтар хронік Мацей Стрыйкоўскі, працаваў перакладчык, доктар медыцыны Даніла Набароўскі, які ў Падуі вучыўся ў Галілея. І Уладзіслаў Сыракомля ствараў на Капыльшчыне, і класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым... А пачынаецца зборнік з твора Алеся Адамовіча, народжанага таксама на гэтай зямлі. Як і слынны крытык часоў «Узвышша» Адам Бабарэка... Пасля ўдалага празаічнага дэбюту Бабарэка адмовіўся ад прозы, каб цалкам прысвяціць сябе крытыцы. А ў зборніку прадстаўлена яго апавяданне «Як красназорцы зямлі сцураліся» — вобразная, багатая мова... Ці не пагарачыўся Бабарэка, абмежаваўшы сябе адным жанрам? Судзіце самі: «Будынкі, быццам апенькі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся-паскручваліся. Пасярэдзіне — вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п'ючы раніцою ваду са студняў».
«Не шукай ты мяне каля жытніх палёў», «Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры», «Бывайце здаровы, жывіце багата» — аўтар тэкстаў гэтых неўміручых песень Адам Русак таксама натхняўся роднай Капыльшчынай... Як і Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Клейнбарт, Ян Скрыган, Алесь Гурло...
Не забылі складальнікі зборніка і пра адну з традыцый Дня беларускага пісьменства — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У зборніку прадстаўлены творы некаторых яе лаўрэатаў, а таксама прэтэндэнтаў на сёлетнюю ўзнагароду. А для кантэксту — цікавыя факты пра пісьменнікаў-юбіляраў 2021-га — Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапіву.
Застаецца дадаць, што аўтар грунтоўнай прадмовы, слынны літаратуразнавец і пісьменнік Алесь Бельскі, таксама з Капыльшчыны.
Інфармацыя падрыхтавана паматэрыялах "Звязда"